
Даныя па датах фундацыі і пабудовы храма ў Смаргоні надзвычай супярэчлівыя. Адны з іх сведчаць, што ён пабудаваны ў 1503 г. ці 1505 г. на сродкі слонімскага старосты Юрыя Зяновіча як касцёл, а ў сярэдзіне XVI ст. перароблены пад кальвінскі збор, другія, што ён фундаваны ў 1553 г. як кальвінскі збор брэсцкім ваяводаю Хрыстафорам Зяновічам. Але гэтыя звесткі тычацца больш ранніх драўляных храмаў. Даследаванні беларускіх рэстаўратараў паказалі, што культавы будынак, які захаваўся да нашых дзён, быў узведзены ў 1606—1612 гг. як кальвінскі збор Мікалаем Багуславам Зяновічам, а ў 1621 г. Сафіяй (з Зяновічаў) перададзены пад касцёл і асвячоны ў гонар Св. Тройцы, у 1866 г. прыстасаваны пад праваслаўную Мікалаеўскую царкву, у 1923—1925 і ў 1970-я гг. рэстаўрыраваны.