Як стварыць папулярны і карысны сайт Смаргоні, Астраўца ці Ашмян? Як Інтэрнэт можа палегчыць працу журналіста і зрабіць мясцовую газету ці радыё цікавымі? Дзе шукаць інфармацыю і як знаходзіць неабходнае?
На гэтыя пытанні паспрабуюць знайсці адказ удзельнікі сустрэчы «Новыя медыі для журналістаў», што адбудзецца 19 чэрвеня ў 11.00 у рэдакцыі газеты «Светлы шлях» (Смаргонь, вул. Савецкая, 29).
Арганізатарамі сустрэчы выступілі прадстаўнікі парталу грамадзянскай журналістыкі ibelarus.net з Мінска, сярод якіх і прафесійныя онлайн журналісты, і дызайнеры, і вэб-распрацоўшчыкі.
Сустрэча мусіць адбыцца ў вольным фармаце, дзе кожны можа выказацца на хвалюючую тэму, звязаную з працай журналіста і інтэрнэтам. Будуць абмяркоўвацца мясцовыя сайты і форумы.
На сустрэчу запрашаюцца супрацоўнікі выданняў Смаргоні, Астраўца і Ашмян, а таксама мясцовыя блогеры, пачынаючыя журналісты і тыя, каму цікава развіццё мясцовых праектаў у інтэрнэце.
Уваход вольны.